СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.

У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.

Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.​Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).

Літ.:

Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;

Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;

Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;

Српски језик на Крају века. Београд, 1996;

Булахов М.Г. Сербский язык // Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современ. состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)